Настаўніца з Плешчаніц стала прызёрам абласной дыстанцыйнай алімпіяды

16.03.2020
Усяго 16 настаўнікаў рускай мовы і літаратуры былі адзначаны дыпломамі. Сярод іх і філолаг, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Плешчаніцкай СШ № 2 Марына Церах.

Дыстанцыйная алімпіяда для педагагічных работнікаў Мінскай вобласці праходзіла ў студзені-лютым 2020 года. Удзел у першым этапе прынялі 1853 настаўнікі, у другі прайшлі 526 чалавек. З іх 118 выкладаюць біялогію, 189 – рускую мову і літаратуру, 170 – англійскую мову,  49 – інфарматыку.

Усяго 16 настаўнікаў рускай мовы і літаратуры былі адзначаны дыпломамі. Сярод іх і філолаг, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Плешчаніцкай СШ № 2 Марына Церах.

– У падобным выпрабаванні ўдзельнічаю не ўпершыню, – расказала Марына Міхайлаўна. – У мінулы раз я ўвайшла ў дваццатку самых моцных, аб чым сведчыць адпаведны сертыфікат. Сёлета атрымала Дыплом ІІ ступені. Дыстанцыйна трэба было выканаць даволі сур’ёзныя заданні, каб паказаць узровень агульнай эрудыцыі, прафесійную кампетэнцыю, уменне нестандартна мысліць. Адным з самых складаных і адначасова цікавых заданняў стаў аналіз тэксту. 

Марына Церах – залатая медалістка Плешчаніцкай СШ № 1, выпускніца філфака БДУ. У сістэме адукацыі працуе 30 гадоў. Удзельнічае ў адукацыйных вебінарах, з’яўляецца аўтарам публікацый ў часопісе «Образование Минщины» і «Настаўніцкай газеце». За апошнія 5 гадоў яе вучні заўсёды былі ў ліку прызёраў раённай алімпіяды.

У абласной дыстанцыйнай алімпіядзе педагогі, якія выканалі не менш за 50 % заданняў, былі адзначаны сертыфікатамі. Сярод іх і нашы землякі: настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Панкевіч (Астрошыцкі ВПК д/с – СШ), настаўніцы англійскай мовы Алена Ліс (СШ № 3 г. Лагойска), Ганна Папко (гімназія), Дар’я Новік (Лагазінская СШ).