“Казка ў госці завітала!”

10.01.2023
У дашкольнай установе адукацыі "Плешчаніцкі дзіцячы сад №1 "Церамок" для ўсіх выхаванцаў прайшло мерапрыемства “Казка ў госці завітала!”. Цудоўная ігра артыстаў, якаснае музычнае суправаджэнне, яркія дэкарацыі дапамаглі дзецям адчуць атмасферу сапраўднага свята і перанесціся ў чароўную краіну казак.

Сустракала дзяцей бабуля Васіліна, якая была апранута ў беларускі касцюм. Менавіта яна падрыхтавала для выхаванцаў цікавыя заданні і конкурсы. Дзеці разгадвалі загадкі пра беларускія народныя казкі, называлі казачных герояў, з дапамогай чароўнага клубочка вырашалі разнастайныя пытанні і ўдзельнічалі  ў гульнях.

Таксама педагогі падрыхтавалі для дзяцей тэатр лялек па матывах беларускай народнай казкі “Зайкава хатка”. Дзеці з захапленнем сачылі за прыгодамі герояў, спачувалі бядзе Зайчыка і ўрэшце рэшт дачакаліся перамогі над хітрай Лісіцай. Асалоду ад прадстаўлення атрымалі і гледачы, і самі артысты.

 Бабуля Васіліна пачаставала ўсіх сваіх гасцей салодкімі падарункамі і запрасіла часцей прыходзіць да яе ў хату!