Летопись образования Логойского района
История системы образования Логойского района
Гісторыя адукацыі з XVII ст. да 1917г.
Хочацца давесці да ведама, што тэрыторыя сучаснага Лагойскага раёна была падзелена паміж трыма паветамі Мінскай гy6epнi. Большасць яе адносілася да Барысаўскага павета. Паўднёвы ўскраек з маёнткамі Астрошыцы i Бяларучы быў у складзе Miнскага павета, а ўсходні ўскраек з маёнткамі Крайск, Глубачаны, Вяпраты – у складзе Вілейскага павета. Буйнейшымі землеўладальнікамі на той час былі графы Тышкевічы, якім належаў Лагойскі маёнтак i шэраг іншых.
Афіцыйныя звесткі пра стан народнай адукацыі на землях Лагойскага раёна згадваюцца з 1863 года. Але і да гэтага часу вядомы адзінкавыя выпадкі першапачатковай адукацыі, калі некаторыя багацейшыя сяляне вучылі сваіх дзяцей дома, наймаючы так званых “дарэктараў”. Таксама некаторыя маглі атрымаць адукацыю пры царкве ці касцёле, дзе вучыліся чытаць і пісаць па малітоўніках. Больш заможныя жыхары Лагойшчыны атрымлівалі адукацыю ва ўстановах Вільні, Варшавы, Меснку, Пецярбургу. Хочацца прывесці спіс самых знакамітых землякоў, якія ўнеслі неацэнны ўклад у гісторыю раёна:
Зарыян Даленга-Хадакоўскі – беларускі мовазнавец, археолаг і этнограф, фалькларыст, (сапраўднае імя Адам Чарноцкі). Нарадзіўся 24.12.1784г. у сям’і дробнага шляхціча ў фальварку каля в. Гайна.
Жукоўскі Сымон Веліх – вучоны, педагог. Нарадзіўся 25.05.1782г. у беднай сялянскай сям’і ў в. Горна (паблізу Задор’я).
Браты Кіпрыяновічы з сям’і святара ў мястэчку Крайск. Рыгор Якаўлевіч, нарадзіўся ў 1851г. Царкоўны гісторык і педагог. Магістр багаслоў’я. Мікалай Якаўлевіч, нарадзіўся ў 1855г. Гісторык і педагог.
Сям’я Тышкевічаў (графоў) з Лагойска. Вядомыя далека за межамі раёна даследчыкі Канстанцін (1806-1868) і Яўстафій (1814-1873), а тксама іх бацька Пій Тышкевіч (1756-1858). Вучоныя, археолагі, вялі сямейную хроніку, стварылі ў Лагойску ў сваім палацы першы краязнаўчы музей, стварылі Віленскі музей старажытнасцей у 1856 годзе ў будынку Віленскага універсітэта.
Пасля рэформы 1861 года, а затым пасля паўстання 1863 года ў Лагойскім раёне пачалі дзейнічаць народныя вучылішчы у Гайне, у Лагойску i Kociнe. У мястэчку Крайск з 1864г., у мястэчку Плешчаніцы з 1867г., у сяле Прусавічы з 1868г., у мястэчку Бяларучы з 1870г.
Паводле звестак «Памятнай кніжкі Miнскай дырэкцыі народных вучылішчаў» у 1889/90 навучальным годзе на тэрыторыі раёна было 8 народных вучылішчаў: Лагойскае, Косінскае, Бяларуцкае, Гайненскае, Плешчаніцae, Прусавіцкае, Асаўское (зараз Докшыцкі раён), Гайна-Слабадское. У 1902 г. народнае вучылішча з’явілася ў Хадаках. 3 1912г. такія ж вучылішчы згадваюцца ў Гасцілавічах, Жасціным, Лагазе, Нястанавічах. З 1916 г. у Астрошыцах, Мурожным, Пуцілаве i Рацькавічах. Паводле «Памятнай кніжкі па Мінскай гy6epнi» за 1917 г. на тэрыторыі Лагойскага раёна было 29 народных вучылішчаў.
Гісторыя адукацыі ў 20-30-я гады ХХ ст.
З 1924 года былі створаны Лагойскі (у складзе Мінскай акругі) і Плешчаніцкі (у складзе Барысаўскай акругі) раёны. У Лагойскім і Плешчаніцкім раёнах ў 1925/26 навучальным годзе налічвалася па 42 школы. Сетка навучальных устаноў увесь час якасна i колькасна павялічвалася.
У 1932/33 навучальным годзе у Лагойскім раёне (без уліку райцэнтра) дзейнічалі ўжо 54 пачатковыя (4-гадовыя) школы і 15 ШКМ (школы калгаснай молладзі з 7-гадовым цыклам навучання).
У Плешчаніцкім раёне у 1932/33 навучальным годзе дзейнічалі 50 пачатковых школ i 14 ШКМ.
Гісторыя адукацыі з 30-ых гадоў XX ст. пачатак XXI ст.
Да Вялікай Айчыннай вайны ў раёне налічвалася 73 школы. У гады вайны дзе ні дзе дзейнічалі “лясныя школы”. Да 1945 г. было адноўлена 7 няпоўных сярэдніх школ і 54 пачатковыя. У першы пасляваенны год у межах Лагойскага раёна працавала 59 школ. Праз 2 гады школьная сетка ўжо ўключала 152 школы, з іх сярэднія былі толькі ў Лагойску і Плешчаніцах, 28 няпоўных сярэдніх, 122 пачатковыя. Каб вырашыць часткова праблему з педагагічнымі кадрамі, пры аддзелах адукацыі былі арганізаваны 3-месячныя настаўніцкія курсы.
У 1969 г. у раёне налічвалася 136 школ: 17 сярэдніх, 27 васьмігадовых, 92 пачатковыя. Акрамя гэтага ў г.п. Плешчаніцы пачала працаваць школа-інтэрнат. У Лагойску і Плешчаніцах дзейнічалі вячэрнія школы рабочай моладзі.
У 1982 г. ў Плешчаніцах адкрыта СПТВ – 180, матэрыяльна-тэхнічная база якого дазваляе ажыццяўляць падрыхтоўку спецыялістаў.
На 2003 г. у раёне налічваецца 36 агульнаадукацыйных школ. Рознабаковыя інтарэсы школьнікаў задавальняюцца ў Дамах дзіцячай творчасці ў Лагойску і Плешчаніцах.
На 2007 г. у раёне налічваецца 31 агульнаадукацыйная школа. З 2007 г. пачалі працаваць раённы цэнтр турызму і краязнаўства і раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
У 2011 г. адкрыты раённы рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання. У 2012 г. у Лагойску адчыніў свае дзверы цэнтр развіцця дзяцей “Лясная казка”.