Лагайчане ўдзельнічаюць у тэлепраекце «Я ведаю!»

19.11.2020

 

 

       Школьнікі з Лагойска вельмі паспяхова выступілі на абласным этапе адбору ў тэлевізійнае шоу «Я ведаю!». Гэта сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, на якім дзеці могуць паказаць інтэлект і эрудыцыю, логіку і знаходлівасць, смеласць і ўпэўненасць не толькі ў сваіх ведах, але і ў сабе.

        У пачатку лістапада вучні гарадскіх школ прынялі дыстанцыйны ўдзел у раённым этапе, які арганізаваў і правёў Вадзім Кузміч, трэнер інтэлектуальнага клуба «Ad astra», што дзейнічае пры Лагойскім ЦДТ. Менавіта ён раней рыхтаваў старшакласнікаў, якія годна прадстаўлялі наш горад у мінулых сезонах тэлегульні.

         Правільна і хутка адказаўшы на самыя розныя пытанні, 10 вучняў з райцэнтра прайшлі ў наступны, абласны, этап. У ім 14 лістапада на аснове інфармацыйна-адукацыйнай платформы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі прымалі ўдзел школьнікі з усяго цэнтральнага рэгіёна.

        У эрудытаў было ўсяго 30 хвілін, каб, даючы адказы, набраць як мага большую колькасць балаў. Улічваўся таксама і час, за які яны здолелі справіцца з выпрабаваннем. У выніку адразу 5 прадстаўнікоў нашага раёна паспяхова прайшлі адбор ў рэспубліканскі тэлепраект, першыя здымкі якога адбудуцца ў канцы лістапада – пачатку снежня ў нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Такая колькасць удзельнікаў з аднаго горада – гэта вельмі высокі вынік, бо, для параўнання, два гады назад адбор прайшлі трое вучняў, летась – толькі адзін.

      Здымацца ў тэлегульні «Я ведаю!» будуць васьмікласнікі Мікалай Пракопчык, Захар Аніскавіч, дзесяцікласніца Кацярына Салодкая з гімназіі, а таксама вучні СШ № 1 г. Лагойска Лізавета Казлоўская (9 клас) і Аляксандра Рамашка (7 клас), якая выканала падчас абласнога спаборніцтва 95 % заданняў!

       Жадаем лагойскім інтэлектуалам такіх ж плённых вынікаў падчас тэлевізійных здымак. Выпускі з удзелам нашых зорачак будуць транслявацца на канале «Беларусь 1» ужо ў наступным годзе.

 

 

   ГУО "Средняя школа №1 г.Логойска"