Валанцёры правялі акцыю да Дня барацьбы з наркаманіяй

02.03.2021
 
 
 

        У першы дзень вясны ў Лагойску прайшла акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня барацьбы з наркаманіяй. Гэта тэма актуальная і для нашага раёна, дзе на ўліку ў нарколага знаходзіцца 8 дарослых жыхароў, залежных ад  наркотыкаў.

     Інфармацыйныя матэрыялы для распаўсюджання сярод гараджан падрыхтавалі валеолагі Лагойскай ЦРБ Іна Фалькавіч і РЦГЭ Маргарыта Каралевіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства «Чырвонага крыжа» Наталля Вярбіцкая.

    Лагайчане і госці горада, якія ў раёне абеда праходзілі па вуліцы Савецкай, атрымлівалі тэматычныя буклеты, бюлетэні, памяткі. Іх раздавалі валанцёры з СШ № 1 г. Лагойска, вучаніцы 9 «В» класа Марыя Чэшык, Валерыя Дзяркова, Аляксанда Макарэвіч і Анастасія Коўзан.

     Удзельнікі акцыі пабывалі на аўтастанцыі, ля гарадскіх магазінаў, перадалі інфармацыйныя матэрыялы ў СШ № 3 г. Лагойска. Акрамя памятак пра небяспеку, якую нясуць для людзей наркотыкі, валанцёры ўручалі прахожым буклеты з рэкамендацыямі пра тое, як абараніць сябе ад каранавіруснай інфекцыі, а таксама ад захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам.

    Як адзначыла Іна Фалькавіч, увесь тыдзень з 1 па 7 сакавіка будзе прысвечаны прафілактыцы наркатычнай залежнасці.

 

По материалам сайта: