Завітаў кірмаш да нас!

25.10.2021
Забаву пад такой назвай правялі работнікі Мятлічыцкага дзіцячага сада разам з выхаванцамі ўстановы.

 

Сонца яркае ўстае,

На кірмаш народ ідзе.

Надышоў вясёлы час,

Завітаў кірмаш да нас!

     Кірмаш – гэта свята, якое вельмі чакалі як дзеці, так і дарослыя. Асноўная праца на полі скончана, ураджай сабраны. Самы час для таго, каб ладзіць кірмаш і славіць сапраўдных гаспадароў.

    А ў нашай установе дашкольнай адукацыі зладзілі свой восеньскі кірмаш. Нашы выхаванцы сабраліся на галоўнае восеньскае свята, каб далучыцца да народных традыцый, навучыцца мудрасці нашых продкаў.

Смялей падыходзьце,

тавар выбірайце.

Таргуйцеся з намі,

а потым купляйце!

Такімі словамі віталі прысутных гаспадыні і запрашалі купіць у іх тавар.  А тавару было багата на кірмашы.

Гаршочак ладны,
прыгожы, зграбны.
На цябе пазірае,
купіць запрашае.

Акрамя гліняных вырабаў гаспадыні запрашалі купіць вырабы з саломы, ручнікі і сурвэткі:

На ручніках і сурвэтках

Палыхаюць ружы-кветкі

Тут і пеўнікі, і гусі

Вышывала іх бабуся.

Можна было набыць і розныя прысмакі:

Абаранкі, піражкі —
Даставайце рубялькі!

         Але кірмаш – гэта не толькі месца, дзе прадавалі і куплялі. Ніводзін кірмаш не абыходзіўся без песень, танцаў, гульняў. Разам з гасцямі Каласком, Бульбінкай і Лявонам, якія завіталі на кірмаш, нашы выхаванцы вадзілі карагоды, скакалі пад  народныя песні і гулялі.

        Спадзяёмся, што народныя святы і забавы, якія ладзяцца ў нашай установе, дапамогуць нашым выхаванцам і іх бацькам дакрануцца да гісторыі і культуры нашай краіны, пазнаёміцца з народнымі абрадамі і традыцыямі.

         Бо немагчыма будаваць будучыню, не ведаючы свайго мінулага!