Краязнаўчыя чытанні педагогаў

28.10.2021

 

     Лагойскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства на працягу навучальнага года праводзіцца шмат турысцка-спартыўных мерапрыемстваў. Але ў час пандэміі масавыя турысцка-спартыўныя мерапрыемствы адменены, ці перанесены на больш позні тэрмін. А вось краязнаўчыя мерапрыемствы для навучэнцаў і педагогаў не толькі не адмяняюцца, але наадварот, упэўнена набіраюць абароты ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні. На базе школьных музеяў і музейных куткоў педагогі рыхтуюць юных экскурсаводаў, ладзяць фальклорныя святы, пішуць даследчыя работы на конкурсы.

    На працягу двух тыдняў кастрычніка на Лагойшчыне праводзіліся краязнаўчыя чытанні педагогаў па тэме «Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму: сучасны кантэкст», прысвечаны Году народнага адзінства. Краязнаўчыя чытанні прадугледжвалі даследчыя работы ў шэрагу намінацый, прысвечаных вывучэнню гісторыі краю, патрыятычнаму выхаванню моладзі, развіццю турысцка-краязнаўчай і пошукавай працы. Напрыклад, у намінацыі «Духоўныя скарбы Радзімы маёй» прадстаўлены даследчыя работы па гісторыі праваслаў’я, праваслаўных храмаў і іншых аб’ектаў праваслаўнай культуры мясцовасці, аб жыцці і дзейнасці святароў розных перыядаў. У намінацыі «Ад маленькіх падарожжаў да вялікіх адкрыццяў» прадстаўлены творчыя праекты па стварэнню адукацыйных экскурсійных маршрутаў, падкрэсліваючых унікальныя культурна-гістарычныя асаблівасці мясцовасці. Намінацыя «Героі, якія побач» раскрываюць тэму аб земляках-сучасніках, якія ў сілу прафесійнага доўгу, маральных звычак і асобасных каштоўнасцей не засталіся раўнадушнымі да чужых праблем. Пра людзей, якія натхняюць сваім прыкладам, паказваюць духоўны арыенцір, мяняюць мір да лепшага.

     У арганізацыйны камітэт конкурсу было пададзена сем даследчых работ ад шасці ўстаноў адукацыі: Крайскай, Акалоўскай і Плешчаніцкай №2 сярэдніх школ, Коранскага і Калачаўскага вучэбна-педагагічных комплексаў і дзве работы ад гімназіі горада Лагойска. Усе работы дасылаліся на конкурс загаддзя, дзе члены журы іх разгледзелі і падвялі вынік. Журы было нялёгка ацэньваць даследчыя работы, але  пасля абмяркоўвання быў падведзены вынік удзелу ўстаноў адукацыі ў конкурсных намінацыях. Пры разгледжанні работ былі прыемна ўражаны ўзроўнем падрыхтаваных работ. У выніку арганізацыйны камітэт вырашыў прысвоіць тры першыя, два другія і два трэція месцы.

    У кожнай намінацыі аднадушна былі вызначаны першыя месцы. Пераможцамі сталі педагогі з Плешчаніцкай сярэдняй школы №2 Сівакова Вольга Міхайлаўна і Сан-Да Эла Эдуардаўна з работай «Гісторыя адной царквы» у намінацыі «Духоўныя скарбы Радзімы маёй», з гімназіі г.Лагойска Бабкевіч Алена Мікалаеўна з адукацыйным экскурсійным маршрутам «Наследие. Приусадебный парк Тышкевичей» у намінацыі «Ад маленькіх падарожжаў да вялікіх адкрыццяў» і з Крайскай сярэдняй школы Цалабанава Людміла Баляславаўна з работай «Лёсы, абвеяныя Чарнобыльскім ветрам» у намінацыі «Героі, якія побач».

   На другім месцы Калачаўскі (Валчок Любоў Сяргееўна) і Коранскі (Красневіч Ірына Валянцінаўна) вучэбна-педагагічныя комплексы і на трэцім – гімназія (Гунько Вольга Міхайлаўна) і Акалоўская сярэдняя школа (Якубоўскі Аляксандр Пятровіч).

       Педагогі пераможцы і прызеры раённага этапу краязнаўчых чытанняў будуць ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Лагойскага райвыканкама.

     Час бяжыць хутка… і вось ужо найлепшыя работы педагогаў Лагойскага раёна накіраваны да ўдзелу ў абласных краязнаўчых чытаннях, якія праводзяцца з 25 кастрычніка ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Пажадаем нашым педагогам высокай ацэнкі абласнога журы і надалей заставацца патрыётамі, любіць і захоўваць гісторыю Роднага краю, прымаць актыўны ўдзел у грамадзянска-патрыятычнам выхаванні моладзі.