Цікавы ўрок

24.03.2022
У рамках пілотнага праекта Міністэрства адукацыі па арганізацыі адукацыйных экскурсій вучні 10-х класаў Гасцілавіцкай і Гайненскай сярэдніх школ наведалі старажытны Полацк.

Настаўнік гісторыі, дырэктар Гасцілавіцкай школы, Паплёўка Уладзімір Антонавіч, падчас экскурсіі распавёў рабятам пра гісторыю Полацкага княства, будаўніцтва Сафійскага сабора, ролю ў духоўным і асветніцкім развіцці Беларусі Еўфрасінні Полацкай, гісторыю кнігадрукавання.

Музей беларускага кнігадрукавання даў пашыраныя веды пра тае, "як да нас прыйшла кніга" (Францыск Скарына). Усяго ў Музеі 15 залаў, у якіх размешчаны 1400 экспанатаў. Сярод самых цікавых-  тры прадметы са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці (2):

  • Кніга «12 прамоў» Джыралама Фалеці на лацінскай мове выйшла ў 1558 г. у Венецыі ў выдавецкім доме Альдаў, дзе ў свой час, як лічыцца, навучаўся друкарскай справе Ф. Скарына. Наша «альдзіна» – самая старая друкаваная кніга ў зборы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Кніга была закуплена ў 1989 г. у краме «Рарытэт» (г. Масква);«Евангелле вучыцельнае» – зборнік павучанняў і тлумачэнняў евангельскіх тэкстаў. З’яўляецца найбольш каштоўным выданнем у кірылічным кнігазборы музея-запаведніка. Першапачаткова «Евангелле вучыцельнае» было надрукавана ў Заблудаўскай друкарні ў 1569 г. І. Фёдаравым і П. Мсціслаўцам. У Музеі беларускага кнігадрукавання знаходзіцца арыгінальнае выданне 1595 г., якое надрукавана было ў Вільні братамі Мамонічамі. Кніга набыта ў 1989 г. у краме «Мосбуккнига» (г. Масква);
  • Кніга рукапісная «Распевы» (пасля 1789 г.) – стараверскі зборнік спеваў, запісаны так званымі «крукамі». Змяшчае знаменны спеў – асноўны спеў старажытнарускай манадыйнай музыкі ХІ–XVII стст., прызначаны для царкоўнага набажэнства. Кніга набыта ў прыватнай асобы.

    Дапамогу ў арганізацыі экскурсіі аказала упраўленне па адукацыі, спорце і турызме Лагойскага райвыканкама.

    Экскурсія выклікала шмат эмоцый у вучняў, дапоўніла веды па гісторыі Беларусі, узбагаціла духоўна.