"Наркотыкі. Адказнасць. Наступствы"

30.09.2022
У межах акцыі "Наркотыкі. Адказнасць. Наступствы" ва ўстанове прайшла дыялогавая пляцоўка вучняў 10-11 класаў ДУА "Гасцілавіцкая сярэдняя школа"з начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх Лагойскага раённага аддзела ўнутраных спраў Лонскім Васілём Мікалаевічам.

- Мэта нашай акцыі - максімальна звярнуць увагу грамадскасці на тое, што наркотыкі - гэта біч нашага часу, і ён нікуды не падзеўся. Дзяцей усё часцей уключаюць у злачынны бізнес, прывабліваючы іх і прапаноўваючы казачныя грошы. Але ў рэальнасці закладчыкі працуюць нядоўга: два ці тры тыдні, а потым усё заканчваецца, рабят чакаюць вялікія тэрміны. Васіль Мікалаевіч яшчэ раз нагадаў вучням аб тым, што адказнасць за распаўсюджванне наркотыкаў і псіхатропных рэчываў надыходзіць з 14 гадоў і цягне за сабой  крымінальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 25 гадоў. 

Ён растлумачыў, якім чынам вярбуюць непаўналетніх: дзіця атрымлівае інфармацыю, што можна хутка падзарабіць. Адбываецца гэта праз аб'явы ў інтэрнэце, спам-рассылку ці сяброў. Падлетак згаджаецца на прывабную прапанову. Затым з ім гутарыць вярбоўшчык, абяцае ананімнасць, кар'ерныя ўсходы, мільёны рублёў, пераконваючы, што ніводны з міліцыянераў яго не зловіць… Былі выпадкі, калі за вызначаную ўзнагароду прапаноўвалі прыцягваць і сваіх сяброў — за аднаго таварыша маглі паабяцаць 50 даляраў. Потым ашуканец просіць даверлівае дзіця сфатаграфавацца з пашпартам, адправіць нумар тэлефона і адрас пражывання.
Вось так падлеткі і аказваюцца ў пастцы наркамафіі. Неабходна памятаць: думаць трэба толькі сваёй галавой, а ўжо тым больш не весціся на ўгаворы  злачынцаў, якія ўздзейнічаюць довадамі, што закладчыкі застануцца незаўважанымі.

Але, як растлумачыў Васіль Мікалаевіч, магчымасць вырвацца з гэтага кола ёсць:
- Як паказвае практыка, пра гэтую нататку простыя абывацелі не ведаюць. Крымінальным кодэксам прадугледжана вызваленне ад адказнасці ў выпадку добраахвотнай выдачы наркатычных рэчываў, аказання садзейнічання праваахоўным органам у выкрыцці асоб, якія займаюцца наркабізнесам.

Напрыклад,начальнік інспекцыі расказаў аб такім выпадку. Адна са сталічных школ забіла трывогу. Кіраўніцтва ўстановы адукацыі звярнула ўвагу на тое, што непаўналетняя стала часта ездзіць на таксі, купляць дарагія рэчы і гаджэты, пры ёй заўсёды былі грошы. Калі яе выклікалі на размову,  дзяўчына не адразу. але ўсё ж такі прызналася, што распаўсюджвае наркотыкі, толькі не ведае, як гэта спыніць. Тады яна пачала супрацоўнічаць са Следчым камітэтам і супрацоўнікамі наркакантролю. Дзякуючы яе садзейнічанню праваахоўнікі канфіскавалі буйную партыю наркотыкаў і ўстанавілі асоб, якія ўцягнулі школьніцу ў злачынную схему. У ходзе расследавання і выкрыцця ўсяго ланцужка ад адказнасці вучаніцу вызвалілі, а арганізатары былі затрыманы.

- Таму я яшчэ раз звяртаю ўвагу на тое, што замоўчваць праблему ні ў якім разе нельга, рана ці позна ўсё стане вядома, але наступствы будуць ужо сур'ёзныя, - падкрэсліў начальнік інспекцыі.

Акрамя сустрэч, ва ўстанове прайшлі і гадзіны інфармавання, наглядная інфармацыя на стэндах нагадала вучням аб тым, што рабіць, калі знайшлі наркотыкі, калі  вам прапаноўваюць стаць нарказакладчыкам, наступствы ўжывання наркатычных рэчываў і іншыя пытанні.